ТАНІ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ (ад грэч. tonos націск),
сістэма вершаскладання, у аснове якой аднолькавая (прыблізна аднолькавая) колькасць моцных, або апорных, націскаў у вершаваных радках. Колькасць ненаціскных складоў паміж імі розная (ад 0 да 8).
Ва ўсх.-слав. вершаскладанні літ. танічны верш склаўся ў 19 — пач. 20 ст. на аснове народнага вершаскладання, танічнага па сваёй прыродзе. Танічны верш і нар. верш пры іх вял. падабенстве (і там і тут роўная колькасць моцных націскаў у радках) усё ж значна адрозніваюцца. Гал. адрозненне — у функцыі моцных (апорных) націскаў: калі ў нар. вершаскладанні націск выконваў рытмічную ролю, мог падаць на малазначныя (у т. л. службовыя) словы, то ў літ. танічным вершы ён мае сэнсавае значэнне і абавязкова прыпадае на найб. значнае па сэнсе слова, рытмічна падкрэслівае, выдзяляе яго. Націску ў танічным вершы памагаюць шматлікія паўзы.
Вылучаюць некалькі відаў Т.в.: акцэнтна-складовы верш (аднолькавая колькасць акцэнтаў — моцных націскаў. аднолькавая колькасць складоў у вершаваных радках), дольнік, тактавік, акцэнтны верш (аднолькавая або прыблізна аднолькавая колькасць акцэнтаў у радках). Кожны з іх вызначаецца пэўнай колькасцю моцных націскаў у вершаваных радках. Разам з тым яны адрозніваюцца сваёй мерай свабоды ў дачыненні да колькасці складоў у радках, колькасці ненаціскных складоў паміж націскамі, ужывання рыфмы і г.д. Першыя ўзоры літ. Т.в. — пераважна стылізацыя нар. творчасці (творы А.Кальцова, «Казка пра рыбака і рыбку» А.Пушкіна). На аснове ўкр. нар. верша Т.Шаўчэнка стварыў свой тып верша — т.зв. каламыйкавы верш з аднолькавай колькасцю складоў у радках. Вял. ролю ў развіцці Т.в. адыграла паэзія У.Маякоўскага. Танічным вершам напісаны «Тарасова доля», «Бандароўна» Я.Купалы, «Страцім-лебедзь» М.Багдановіча, «Босыя на вогнішчы» М.Чарота, шырока ўжывалася ў творчасці М.Танка, П.Панчанкі, К.Кірэенкі і інш.
В.П.Рагойша.
т. 15, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)